Зь легендарным віцебскім апазыцыянэрам і распаўсюднікам незалежнай прэсы Барысам Хамайдам “Дыялёг” пасьпеў паразмаўляць яшчэ да таго, як нашаму суразмоўцу прыйшлося бараніць сваю “цытадэль” ад нападак загадчыцы прадуктовай крамы “Веста”.
Сустаршыня “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі”, палітвязень Павал Севярынец пракамэнтаваў новы прысуд лідэру “Маладога Фронту” Зьмітру Дашкевічу (дадатковы год турмы): “Судзілішча над Дашкевічам – вельмі сур’ёзная рэч. Па-першае, цяпер паняцьце ‘дасядзець да званка’ для палітвязьняў адмяняецца. Колькі будзе рэжым – столькі будуць і палітвязьні. І, магчыма, некаторым давядзецца адбыць у турме столькі ж, колькі ва ўладзе будзе Лукашэнка. Такім чынам, гэта сыгнал і прысуд усім вязьням сумленьня”.
З пытаньнем, ці мае мае права назіральнік на выбарчым участку выкарыстоўваць разнастайную оптыку - акуляры, бінокаль, манокаль, падзорную трубу, лярнэт і іншыя, - зьвярнуўся ў цэнтральную выбарчую камісію віцебскі актывіст Кастусь Мардзьвінцаў. Адказ, атрыманы ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай: карыстацца акулярамі назіральнік мае права, “што тычыцца спэцыяльных аптычных прыбораў, то іх скарыстаньне для ажыцьцяўленьня нагляданьня на ўчастку для галасаваньня выбарчым заканадаўствам не прадугледжана”.
Праўленьне арганізацыі заклікае ўсіх салідарных зь незалежным журналістам паставіць свой подпіс у абарону зняволенага фатографа. БАЖ зьвяртаецца таксама да замежных партнэраў, міжнародных журналісцкіх арганізацый, а таксама калег фатографа з просьбай падтрымаць кампанію салідарнасьці.