Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26951040

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Барыс Хамайда: У дзень выбараў ідзіце ў лес па грыбы ці на піва!

Зь легендарным віцебскім апазыцыянэрам і распаўсюднікам незалежнай прэсы Барысам Хамайдам “Дыялёг” пасьпеў паразмаўляць яшчэ да таго, як нашаму суразмоўцу прыйшлося бараніць сваю “цытадэль” ад нападак загадчыцы прадуктовай крамы “Веста”.

Сёньня Хамайда стаяў без плякату за байкот выбараў, бо яго канфіскавалі. Але ж і без “байкотнага” плякату, Хамайду 6 верасня “вартавалі” міліцыянты, пад пільнымі поглядамі якіх рабілася гэта невялікае інтэрвію.

– Пра якую выбарчую кампанію вы кажаце?! Дык няма яе! Няма! Вось я тут стаю адзін. Можа, гэта і ў вочы кідаецца, бо няма іншых, таму яны і забраць мяне жадаюць. Дзе ўсе гэтыя зарэгістраваныя кандыдаты, якія маюць мандаты? Выйшлі б зь нейкім плякатам – анікога няма. Хаця б адзіны пікет зладзілі б! Гэта ў мяне мандату няма – дык лезу на ражон. Няма ніякай кампаніі! І І гэта яшчэ раз даказвае, што як былі з 1996 года прызначэньні, а ня выбары – гэтак і зараз застаецца.

 – Дык, можа, і байкатаваць тады гэтае “кіно” ня трэба?

– Можа, і так. Але справа ў тым, што ў дзень, калі трэба будзе галасаваць, яны пагоняць людзей на ўчасткі. Будуць выклікаць на працы, будуць гнаць, будуць пагражаць звальненьнем. Дык я хачу людзей падрыхтаваць хоць маральна. Бо па тэлебачаньні ж не дазваляюць пра байкот казаць.

Вось толькі шкада, што забралі такі добры плякат – мастак спэцыяльна мне маляваў. Але я лічу, што сваю задачу выканаў. Мне трэба было вось гэта сказаць: “Выбары незаконныя, палатка незаконная, і той, хто прымае правілы гульні, таксама робіць незаконную справу. Усё!”.

 – Як людзі рэагавалі на плякат?

Казалі: во так! (паказвае вялікі палец – “Д”). Большая частка канешне праходзіла міма, проста чыталі. Але што самае цікавае – аніводны не прычапіўся і не сказаў, што гэта няправільна. А былі людзі, якія ўхвалялі. А як будзе 23-га – ня ведаю.

 – А як усё ж будзе, на ваш погляд?

Я разумею людзей – яны на кантрактах. Безумоўна ім будзе цяжка. Гэта патрэбная нейкая мужнасьць каб сказаць: не пайду на выбары!

Наогул жа, 23-га верасьня, калі хто можа – хай ідзе ў лес па грыбы, а хто любіць піва – няхай ідзе лепш піва папіць. Але толькі не туды! Было б вельмі моцна, калі б выбарчыя участкі апынуліся пустымі… Гэта самае страшнае для гэтай улады. Не тое, што мы ў бюлетэні пазначым, а пустыя выбарчыя ўчасткі.

Было б вельмі моцна, калі б выбарчыя участкі апынуліся пустымі…

– Дарэчы, як ацэньваеце выступы кандыдатаў?

– Я іх ніяк не ацэньваю, бо ня слухаю. Лічу, што гэта прыслужнікі рэжыму. Яны гуляюць па правілах гэтай нелігітымнай улады. А гуляць трэба толькі па ўласных правілах. А калі гуляеш па правілах гэтага рэжыму – нічога добрага не атрымаецца. Таму я іх і ня слухаю, і ўвогуле не зьвяртаю на іх увагі.  Я раблю і буду працягваць сваю справу. Гэта мой бастыён. А калі я падыму рукі – усё! Вось за гэта я трымаюся, за гэты асяродак Беларушчыны. Што б яны ні рабілі: затрымлівалі, садзілі – усё роўна прыду на гэтае месца. У мяне іншага выйсьця няма.

 – Але час ідзе…

– Час ідзе, і час працуе на новае пакаленьне беларусаў. Калі сыходзіць з закону Майсея – патрэбна 40 гадоў. Таму праз 20 гадоў мы будзем мець сапраўднага беларускага прэзідэнта… Дык гэта ж няшмат! Мне будзе ўсяго 84. Дык Госпадзе! А Майсей у 80 гадоў выводзіў сваіх супляменьнікаў. І 40 год вадзіў…

А калі сур’ёзна – то хто ведае? Невядома, якая сьняжынка выкліча лавіну, як казаў некалі Гавэл. Мы ж ня ведаем, якія працэсы там ідуць, яны ж усё закрылі. А ідзе, ідзе нешта – кіпіць кацёл чарадзейкі гісторыі, кажучы словамі Маркса. Кіпіць. І ўсё гэта накопліваецца. А калі выплюхнецца – мы ня ведаем. Але трэба набрацца цярпеньня…