Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26973168

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Легендарная лётчыца Марына Паповіч расказала віцяблянам, як здабываць сьпірт з Млечнага шляху

У Віцебскай абласной бібліятэцы 6 верасьня прайшла творчая сустрэча “Жыцьцё – вечны ўзьлёт” зь легендарнай лётчыцай-выпрабавальніцай і жонкай чацьвёртага савецкага касманаўта Марынай Паповіч.

Марына Паповіч наведала Віцебск у якасьці судзьдзі чэмпіянату Сьвету, Эўропы і Саюзнай дзяржавы па гіраваму спорту, які пройдзе 8 верасьня ў Віцебску. У сустрэчы браў таксама ўдзел другі муж лётчыцы генэрал-маёр авіяцыі ў адстаўцы Барыс Жыхараў.

 

Не даставала да пэдаляў…

Агульная чытальня абласной бібліятэкі была запоўнена цалкам. Што праўда – моладзі было зусім няшмат. Напачатку сустрэчы Паповіч прызналася ў любові да беларусаў і ў тым, што сама зьяўляецца, па сутнасьці, нашай зямлячкай, бо нарадзілася ў 1931 годзе ў Веліскім раёне (ранейшая Віцебская губерня).

Размова атрымалася захапляльнай. Ва ўзросьце 81 год Марына Лаўрэнцеўна і падчас зносін у аблоках не лунала, а вяла гаворку так, быццам пілётавала звышгукавы зьнішчальнік. Заля часта выбухала аплядысмэнтамі ў адказ.

Распавяла, што хацела лятаць з самага дзяцінства, “каб адпомсьціць фашыстам”. Але калі падрасла, фашыстаў ужо не было, а крылатае “жаданьне нябёсаў” засталося на ўсё жыцьцё. Шлях да неба адкрыў ёй сам Варашылаў, які даў дабро на экзамэны, калі “ёсьць адпаведныя дадзеныя”. Між тым, з фізычнымі дадзенымі былі некаторыя праблемы – будучая лётчыца была невысокай, усяго 1 м 57 см. Таму на экзамэнах яна папрасіла генэрала падкласьці чахол, каб дацягнуцца да пэдаляў. Той пасьмяяўся. А курсантка здала экзамэн на “пяць з плюсам”.

 

Сьпірт з Антарктыды для беларусаў

Паповіч наогул шмат жартавала. Успомніла, як пазьней ейны тэхнік адмовіў ёй, яшчэ недасьведчанай, “марнаваць” сьпірт на самалётныя вінты.

“Дваццаць тон сьпірту цаніліся тады як 20 тон керасіну”, - удакладніў Барыс Жыхараў.

Тэма сьпірту нечакана ўсплыла крыху пазьней, калі Паповіч расказвала пра Млечны шлях. Маўляў, навукоўцы нядаўна давялі, што Млечны шлях ахутаны воблакам, якое цягнецца на некалі мільярдаў кілямэтраў. І гэтае воблака ўтрымлівае ў сваім складзе шмат этылавага сьпірту.

“І вось я ноч ня спала, усё думала, як выцягнуць гэты сьпірт зь Млечнага шляху. Ведаеце, космас пачынаецца ў нашых шыротах са ста кіламетраў над узроўнем мора. Я, напрыклад, лётала на самалётах не вышэй за 40 км. Дык вось, а ў Антарктыдзе космас пачынаецца на вышыні 20 км. Дык вось там і можна здабываць з космасу гэты сьпірт”, – сьмяялася лётчыца-выпрабавальніца.

Успамінала, як вучылася лётаць на Міг-21. Потым яе называлі “мадам Міг”, бо Паповіч стала першай з жанчын-лётчыкаў пераадолела на гэтым рэактыўным зьнішчальніку гукавы бар’ер.

Дык вось, а ў Антарктыдзе космас пачынаецца на вышыні 20 км... 

Самае страшнае – пакой цішыні

“Каралевай неба” хацела трапіць і ў космас і нават праходзіла камісію: “Быў вельмі вялікі адсеў… Пасьля першага тэсту на спалох ня спала ўсю ноч – ускоквала з крыкам. А самае страшнае было – пакой цішыні. Ад гэтага можна было звар’яцець. Шмат хто ня вытрымаў”.

Камісію прайшла, але сказалі: у космас не паляціце. Маўляў, у вас ёсьць малое дзіця. Потым камісія агучыла яшчэ некалькі прычын. Насамрэч жа, апынулася, што гэта быў загад Хрушчова, які хацеў, каб у космас паляцела жанчына “ад сахі”. У выніку паляцела Церашкова, але ёй вельмі цяжка ўсё гэта далося, успамінала Паповіч.

Што да дзіцяці, дык Паповіч уздымалася ў неба нават тады, калі была цяжарная другой дачкой…

Расказала, што ейны першы муж – касманаўт  Павел Паповіч (1930 - 2009),  жартам тлумачыў, чаму жонку не ўзялі ў космас: “Яна занадта шмат гаворыць. Гаворыць нават тады, калі спажывае ежу. Будзе і ў космасе шмат гаварыць. Але ў космасе нельга размаўляць і есьці адначасова, бо ежа вывальваецца з роту. Таму і не ўзялі”.

 

Зь лініяй Буды

Паповіч казала, што японцы знайшлі на ейнай далёні лінію Буды, і Буда, у сваю чаргу, параіў японцам падарыць лётчыцы дзьве машыны, што тыя з задавальненьнем і зрабілі.

Распавядала пра свае кніжкі. Дарэчы, яна аўтар 20 кніг, у тым ліку па ўфалёгіі (“НЛО над плянэтай Зямля”), двух сцэнарыяў і п’есы.. Апошняя кніжка выйшла ў 2011 годзе – «Я — лётчык. Успаміны і роздумы». Паповіч – ляўрэат прэміі “Залатое пяро Рассіі”.

Марына Паповіч усталявала 126 усесаюзных і 102 сусьветных рэкорда ў вобласьці авіяцыі. За 30 гадоў палётаў асвоіла 40 тыпаў смалётаў, правяла 5 600 гадзін у нябёсах.

Яе муж Барыс Жыхараў чытаў вершы. Удзельнікам сустрэчы паказалі таксама дакументальную стужку пра легендарную выпрабавальніцу.