Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26994567

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Аляксандра Герасіменя: Я проста люблю Беларусь

Двойчы срэбраная медалістка Алімпійскіх гульняў у Лёндане Аляксандра Герасіменя сустрэлася ў Віцебску са сваімі прыхільнікамі. Дарыла чароўныя ўсьмешкі, раздавала аўтографы, дэманстравала медалі...

Сустрэча прайшла ў краме электронікі «Электрасіла» ў Віцебску на праспэкце Будаўнікоў. Усе маніторы паказвалі «срэбныя» заплывы Герасімені.

На гэтым спрынтарскім фоне шматлікія юныя асобы, якія прыйшлі на сустрэчу з татамі і мамамі, ва ўсе вочы глядзелі на алімпійскую чэмпіёнку, да якой можна было дакрануцца і нават пагладзіць яе – такая блізкая была наша алімпійка да звычайных смяротных.

Да таго ж куміру можна было задаць любое пытаньне. Напрыклад: «А ці страшна было перад заплывам?» «Дужа страшна!..» – прызналася Герасіменя і тут жа міла і адважна ўсьміхнулася.

У перапынку сустрэчы гераіня Алімпіяды адказала на пытаньні журналістаў. Прызналася, што пасьля Гульняў толькі пачала ўцягвацца ў працу:

 Зараз у мяне больш-меньш дастаткова часу, таму што ў мяне быў адпачынак. Я, як нармальны паўнавартасны чалавек, адпачыла і пакуль што павольна пачынаю ўцягвацца ў працу. Так што часу для такіх творчых сустрэч пакуль хапае. І я думаю, што такія сустрэчы насамрэч вельмі карысныя. І калі пасьля іх хтосьці з дзяўчынак ці хлапчукоў вырашыць пайсьці ў плаваньне, я буду толькі шчасьлівая.

– Вельмі перажывалі, што не сталі ў Лёндане першымі?

– Вядома, было шкада, што срэбра. Спачатку крыху перажывала, таму што вельмі хацела золата і ехала туды менавіта за ім. На жаль, не атрымалася. Розныя бываюць абставіны. Але ёсьць надзея і вера, што ўсё маё алімпійскае золата яшчэ наперадзе.

Ці атрымаецца даплысьці да Рыё-дэ-Жанэйра?

– Вельмі цяжка штосьці абяцаць. Ведаеце, усё можа быць. І сям'я, і дзеці. Тым больш, я як бы паабяцала ў гэтым годзе пасьпець з усім гэтым (сьмяецца). Я вельмі хачу насамрэч туды патрапіць на наступную Алімпіяду. Мне вельмі падабаецца гэтая краіна і гэты горад.

Усьмешка Герасімені...

–  У адным зь фінальных заплываў вы плылі па нязручнай першай дарожцы. Вам наогул прынцыпова, па якой дарожцы плысьці?

– Не, ня вельмі. Таму што, дзе ні плывеш, – усё роўна давядзецца працаваць аднолькава. Адзіная нязручнасьць у тым, што я ня бачу супернікаў, калі па першай плыву назад, таму што дыхаю ў іншы бок. І ў гэтым пляне нязручна, таму што не магу кантраляваць. Магу кантраляваць толькі таго, хто плыве побач, бакавы зрок у нас разьвіты добра. Але тое, што далей, – не. Проста працуеш і змагаешся сам з сабой.

–  Напэўна, пасьля Алімпіяды вас сталі часьцей пазнаваць на вуліцах...

– Так, літаральна ўчора я ехала ў мэтро, і да мяне падышоў чалавек. Так захоплена, радасна зьвярнуўся: «Я ня веру, я ня веру, што гэта ты! Саша - як?» Ну, кажу, я таксама вось у мэтро езджу... Было прыемна пагутарыць.

– Вам часта прапануюць зьмяніць грамадзянства ­– і амэрыканцы, і французы, і расейцы. Да таго ж,у нас ёсьць прыклад Попчанкі, якая выступае ўжо за францускі трыкалёр ...

– Я лічу, што нашы посьпехі павінны ўсё ж такі належаць нашай краіне. Бо я тут нарадзілася і тут жыву. І я вельмі спадзяюся, што мне дапамогуць ўсё-ткі застацца тут... Але насамрэч усё прасьцей – я проста люблю Беларусь.

 

Даведка: Аляксандра Герасіменя нарадзілася 31 сьнежня 1985 года ў Менску. Беларуская плыўчыха. Чэмпіёнка сьвету 2011(100 м, кроль), чэмпіёнка і срэбраны прызэр чэмпіяната Эўропы 2010 года. Двойчы срэбраны прызэр Алімпійскіх гульняў 2012 у Лёндане. Заслужаны майстар спорту Беларусі. Найлепшая спартоўка Беларусі па выніках 2011 года.