Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26993701

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Алена Каваленка: Лукашэнка гандлюе жыцьцём і свабодай майго мужа

Жонка палітзьняволенага Сяргея Каваленкі пракамэнтавала ў размове з “Дыялёгам” выказваньне Лукашэнкі наконт магчымага памілаваньня ейнага мужа, а таксама распавяла пра круглы стол, прысьвечаны Беларусі, які адбыўся нядаўна ў Варшаве.

– Пра тое, што Лукашэнка сказаў пра магчымы разгляд прашэньня аб памілаваньні Сяргея і анархіста Паўла Сырамолатава, мне паведаміла за 10 хвілін да канфэрэнцыі ў Варшаве жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. На мой погляд, гэта быў адназначны пасыл Эўропе. Бо нездарма ж прагучала гэта ў самы дзень выбараў. Маўляў, прызнаеце выбары – дык, можа, я каго-небудзь… разледжу і, магчыма, адпушчу. А не, дык яшчэ з вамі пагуляемся некалькі дзесяцігодзьдзяў… Гэта гандаль свабодай і жыцьцём майго мужа.

 

– Лукашэнка сказаў, што атрымаў прашэньне месяц таму…

– Так, хаця добра ведае, колькі прайшло часу з тае пары, калі Сяргей напісаў прашэньне. Гэта быў канец ліпеня. Прайшло ўжо тры месяцы. Таму для мяне гэта прагучала вельмі цынічна: для Лукашэнкі нічога ня значыць месяц, тры, год альбо дзесяцігодзьдзе чалавечага жыцьця. Гэта для мяне і маёй сям’і кожны дзень – цяжкая пакута і цярпеньне…

Надзея ёсьць заўсёды, але асаблівых ілюзій наконт заявы Лукашэнкі я ня маю. Не хацелася б потым расчароўвацца, бо гэта вельмі складаны момант у жыцьці. Складана было зьязджаць з доўгатэрміновага спатканьня, бо там узьнікла ілюзія, што мы зноў разам, усёй сям’ёй. А потым… Цяжка гэта. Быццам Сяргея зноў забралі, як тады, 19 сьнежня 2011 года.

 

– Пра што вялася гаворка ў Варшаве? Што гэта было за мерапрыемства?

– Круглы стол, куды мяне запрасілі, быў арганізаваны эўрадэпутатам Марэкам Мігальскім і складаўся з трох блёкаў пытаньняў, што тычыліся нашай краіны. У першым блёку – “Беларусь ад прэзідэнцкіх да парлямэнцкіх выбараў” – бралі ўдзел таксама жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук, жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч, сястра Андрэя Саньнікава Ірына Багданава і Зьміцер Бандарэнка.

Ва ўступным слове Міальскі казаў, што выбары ў Беларусі ператварыліся ў фарс. Заўважыў, што беларускія так званыя выбары адрозьніваюцца ад выбараў у свабодных краінах тым, што там умовы выбараў прадказальныя, а вынікі – не, а ў Беларусі ўсё наадварот: умовы непрадказальныя, а вынікі выбараў прадказаць вельмі лёгка. Абраны былі тыя, каго загадаў выбраць Лукашэнка.

Зьміцер Бандарэнка распавядаў падчас канфэрэнцыі, што адбывалася пасьля прэзідэнцкіх выбараў, пра турму КДБ і пра рэпрэсіі.

 

– Вы таксама выступалі?

– Так. Я распавяла пра сытуацыю зь Сяргеем. За што яму спачатку далі ўмоўна тры гады і як ягоны ўчынак інкрымінавалі як злоснае хуліганства. Пра тое, што ён сам быў зьбіты, але яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта аказваў супраціў. Успомніла, як нашай сям’і не давалі жыць – хадзілі па шэсьць разоў за ноч правяраць. І пра тое, чым гэта скончылася: на гадавіну Плошчы нечакана прыйшлі і падманам забралі з дому, і больш я яо не ўбачыла.

Распавяла пра ягоную галадоўку. Пра моманты, якія ўжо ніколі не забуду – калі Сяргей быў на мяжы жыцьця і сьмерці. Дзякуй Богу, зараз гэта ўсё мінула. Але стан ягонага здароўя ўсё адно непакоіць. Узгадала і пра сыгнал з адной калёніі пра тое, што нашых зьняволеных кормяць камбікормам. Казала, што нармальных выбараў ў краіне, дзе застаюцца палітзьняволеныя, быць ня можа...

 

– Як ацэньваеш тое, што некаторыя кандыдаты ад апазыцыі бралі ўдзел у выбарах да канца і не зьняліся з выбараў?

– Я лічу, яны здрадзілі тым людзям,якія сёньня губляюць сваё здароўе і гінуць у турмах. Лічу, што яны здрадзілі таксама і іхным сем’ям. Яны ня выканалі свайго абяцаньня. Вось усё, што магу сказаць. Я за байкот, і ўжо ня першы год. І з маёй сям’і шмат хто не хадзіў на гэтыя так званыя выбары, але… бачым што бачым.

 

– Ці мерапрыемствы кшталту круглага стала па Беларусі ў Варшаве маюць нейкую карысьць? Ці набліжаюць вызваленьне тых, хто знаходзіцца зараз у турмах і пакутуюць за свае погляды?

– Мяркую, што так. Пад ляжачы камень вада не цячэ. Я вельмі ўдзячна, у прыватнасьці, Марэку Мігальскаму, які шмат робіць для вызваленьня Сяргея. Бандарэнка наогул лічыць, што Марэк – гэта ўжо гісторыя яго сям’і і ягонага вызваленьня… Застаецца набрацца цярплівасьці.

 

– Калі адбудзецца чарговае спатканьне зь Сяргеем?

– Кароткатэрміновага спатканьня чакаю ў сярэдзіне кастрычніка.