На сустрэчы актывістаў з кіраўніцтвам Полацку намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч цьвёрда паабяцаў, што дрэвы прывакзальнага сквэру будуць захаваныя пры любых абставінах. Будаўніцтва, якое вядзецца ля вакзалу, дрэвы не закране. Прыём полацкіх грамадзкіх актывістаў, якія абараняюць зялёныя насаджэньні, прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў адбыўся 11 сьнежня.
Актывісты Сьвятлана Цітова і Ірына Башкатова абмеркавалі з чыноўнікамі ня толькі праблему захаваньня прывакзальнага парку, але таксама задалі тыя пытаньні, якія хвалююць палачан. Яны пацікавіліся наконт полацкіх даўгабудаў (радзільні ў Кстах і фабрыкі мастацкіх вырабаў), захаваньня старых будынкаў Верхняга замку, зьнішчэньня дрэў у паркавых зонах, добраўпарадкаваньня двароў. Усе гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца жыхарамі гораду ў дварах і на прыпынках, але адказу на іх няма ў гарадзкіх газэтах, таму ходзяць толькі чуткі.
Адказы на некаторыя пытаньні даў намесьнік старшыні райвыканкаму па архітэктуры і будаўніцтву Міхалевіч Аляксандар Мікалаевіч:
Наконт пытаньня захаваньня прывакзальнага парку спадар Міхалевіч сказаў: «Ніхто не наважыцца парушыць словы губэрнатара, які паабяцаў, што ніводнае дрэва з парку ня будзе кранутае. Мы што самагубцы?!».
Гэтая сустрэча адбылася дзякуючы таму, што актывісты, якія вядуць барацьбу за захаваньне прывакзальнага парку, запісаліся на прыём да старшыні райвыканкаму Мікалая Шаўчука. У адсутнасьць старшыні райвыканкаму прыём вёў старшыня райсавету Іосіф Грыбовіч. На сустрэчы з актывістамі таксама прысутнічалі намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч, кіраўнік спраў Сяргей Труханаў і яшчэ тры работнікі райвыканкаму – юрыст, архітэктар, начальнік аддзелу працы са зваротамі.
Як адзначылі грамадзкія актывісты, полацкія ўлады арганізавалі сустрэчу значна горш, чымся была арганізаваная падобная сустрэча ў аблвыканкаме. Ніхто ім не паведаміў загадзя, што старшыня Мікалай Шаўчук будзе адсутнічаць, прыём праходзіў у маленькім, непрыстасаваным памяшканьні, не было рэдактара мясцовай газэты, да якога былі прэтэнзіі.
Па ўсіх пытаньнях актывістамі быў складзены пісьмовы зварот, які зарэгістравалі ў райвыканкаме. Палачане чакаюць пісьмовага адказу і асьвятленьня ўзьнятых пытаньняў у гарадзкой газэце.
Аляксандар Марозаў, dyjalog.info