Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26958610

Рэкамэндаваць Надрукаваць

У Віцебску АМАП і міліцыя затрымалі каля 30-ці чалавек, якія ехалі на канцэрт

Музыкі зь Менску, якія хацелі паўдзельнічаць у канцэрце ў Віцебску, не змаглі выйсьці на сцэну. Пра гэта паведаміў адзін з музыкаў — Павал: «Мы даехалі цягніком зь Менску да Воршы. Там трэба было чакаць дзьве гадзіны, і мы выйшлі, каб прагуляцца. Раптам каля нас зьявіліся супрацоўнікі мясцовай міліцыі. Усіх адвялі ў пункт аховы, праверылі дадзеныя. Пасьля гэтага ў суправаджэньні некалькіх міліцыянтаў мы паехалі ў Віцебск. Там, як высьветлілася, нас ужо чакалі міліцыянты ў форме і ў цывільным. Загналі усіх у апорны пункт на вакзале. Прыехала начальства, у тым ліку і генэрал-маёр Яўсееў, якога я ведаў яшчэ па Менску, пара палкоўнікаў».

Яшчэ ў цягніку міліцыянты даглядзелі асабістыя рэчы хлопцаў. Адзін зь іх спрабаваў здымаць гэта на відэа. У яго забралі тэлефон і адфарматавалі флэшку. У апорным пункце хлопцам сказалі, што яны не затрыманыя, а знаходзяцца тут для ўласнай бясьпекі, бо нібыта на дварэ стаяць 30 мясцовых фанатаў-нацыстаў, якія хочуць іх пабіць.

«Нас пачалі дапытваць, да якіх груповак мы адносімся. Мы адказалі, што мы — музыкі, і больш нічым не займаемся. У бальшыні музыкаў былі квіткі на начны цягнік назад у Менск. Мы думалі, адыграем і вернемся дахаты. Але нам сказалі: ніякіх канцэнтраў, замянілі квіткі на цягнік, які адыходзіць зь Віцебску а 18:50. Дык што канцэрт сарваўся, нас сагналі ў залю чаканьня пад нагляд міліцыянтаў. Вельмі шкада, што так атрымалася. І грошы патрацілі ўпустую, і ў канцэрце не паўдзельнічалі», - распавёў Павал.

Павал адмовіўся назваць назву гурта, да якога ён належыць, каб у хлопцаў не было дадатковых непрыемнасьцяў. Паводле знойдзенай «Укантакце» інфармацыі, у Віцебску меўся быць канцэрт з удзелам панк-, хардкор- і хіп-хоп гуртоў зь Менску, Горадні, Віцебску і Салігорску.

Маецца інфармацыя, што ў Воршы двух хлапцоў, якія таксама зьбіраліся на канцэрт, забраў супрацоўнік КДБ — прыйшоў у міліцыю, паказаў на іх пальцам і сказаў «гэтыя ідуць са мной». Пакуль што пацьвердзіць гэтую інфармацыю і даведацца, што здарылася з аршанцамі, не атрымалася.

Паводле Радыё Свабода і “Нашай Нівы”