Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
27015765

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Цэнтар рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў у Віцебску ня могуць дабудаваць ужо 20 гадоў

Рэабілітацыйны цэнтар сёлета мог бы ўрачыста спраўляць 20-гадовы юбілей, аднак нагоды для сьвяткаваньня няма. Першы корпус цэнтру працуе з 1994 году, а другі, будаўніцтва якога распачалося таксама ў 1994-м, стаў ці не найстарэйшым у горадзе "даўгабудам".

20 гадоў таму былы прафілякторый віцебскага заводу "Эвістар" вырашылі ператварыць у цэнтар рэабілітацыі воінаў-"афганцаў". Цэнтар стаў установай рэспубліканскага падпарадкаваньня, сюды зьяжджаліся прадстаўнікі баявага брацтва з усіх абласьцей Беларусі, у тым ліку зь Віцебшчыны – Воршы, Полацку, невялікіх райцэнтраў, дзе магчымасьці для рэабілітацыі і лячэньня найменшыя. Для "афганцаў" гэтая ўстанова сталася сапраўдным домам. Бо тут ня толькі лячылі параненыя целы, але і была магчымасьць для сустрэчы родасных душаў, у якіх тая вайна пакінула незажыўны сьлед…

У цэнтры штогод праходзілі рэабілітацыю больш за 2 тысячы чалавек. І ўсе спадзяваліся, што з увядзеньнем новага корпусу, дапамога былым "афганцам" стане больш якаснай: у новым цагляным будынку запраектаваны басэйн, вялікая спартовая заля, габінэты фізіятэрапіі, палаты на яшчэ 50 ложкаў…

Плянавалася таксама, што ў рэабілітацыйны цэнтар змогуць трапіць ужо ня толькі ўдзельнікі афганскай  вайны – што туды можна будзе накіроўваць пацыентаў пасьля інфаркту, інсульту, зь іншымі патрэбамі ў аднаўленьні функцыяў арганізму.

Аднак цэнтар спасьціглі праблемы фінансаваньня: новы корпус раптам стаўся нібыта і ня дужа патрэбным. Бо пераважылі пляны ўзьвядзеньня новых гандлёвых цэнтраў і лядовых палацаў, рэканструкцыі віцебскай плошчы Перамогі і будаўніцтва падземнага пераходу да Летняга амфітэатру – аб'ектаў, якія многія жыхары ўвогуле лічаць спрэчнымі ў сэнсе карысьці для гораду.

 

Пабудаваць рэабілітацыйны цэнтар было абяцана яшчэ да 2000-га году, але  - не атрымалася. Пытаньне пра завяршэньне "даўгабуду" ўздымалася не аднойчы, і абяцаньні вырашыць праблему фінансаваньня раздаваліся рэгулярна.

Віцебскі лекар Ігар Пастноў, вядомы сваімі інтэрнэт-выступамі з крытыкай стану мэдычных установаў вобласьці, расказаў, як асабіста ён спрабаваў прыцягнуць увагу да праблемы з рэабілітацыйным цэнтрам:

"Зьвяртаўся ў Дзяржкантроль, да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Ласякіна. Зь Менску па маёй скарзе прыяжджала камісія, якая вывучала звароты грамадзян, глядзелі, што тут робіцца. Потым зьявіўся крытычны артыкул у газэце "Віцьбічы", з фотаздымкамі.

Калі паглядзець на здымкі 5-гадовай даўніны і на тое, што цяпер, адразу бачыш, што асабліва нічога не зьмянілася. Дэпутат абяцаў паспрыяць, адказаў мне, што гэты будынак ня быў уключаны ў нейкую дзяржаўную праграму, бо так кепска зь фінансаваньнем. Карацей, дзяржава яшчэ раз "падставіла" воінаў-інтэрнацыяналістаў, а разам зь імі ўсіх, каму таксама неабходная рэабілітацыя. Гэты цэнтар стаў адным з тых аб'ектаў, якія выразна дэманструюць, як у нас марнуюцца дзяржаўныя сродкі!"

Праблеме будаўніцтва рэабілітацыйнага цэнтру Ігар Пастноў прысьвяціў свой чарговы відаэвыступ, запісаны напярэдадні 15 лютага, Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

 

Сярод іншых дакумэнтаў "лекар-праўдаруб" дэманструе афіцыйны адказ, які атрымаў на адзін са сваіх зваротаў. Там гаворыцца, што будаўніцтва рэабілітацыйнага цэнтру для "афганцаў" будзе завершанае ў 2011 годзе…

Але абяцанага ніхто не дачакаўся, а на наступны год у лёсе "афганскага" цэнтру адбыліся іншыя кардынальныя зьмены. З рэспубліканскага падпарадкаваньня яго перавялі ў абласное. Нібыта дзеля таго, каб урэгуляваць усе праблемы, у тым ліку і зь фінансаваньнем. І загадам кіраўніцтва ад 31.12.2012 ён быў перайменаваны ў "Віцебскі абласны клінічны цэнтар мэдычнай рэабілітацыі для інвалідаў".

Новая назва шмат каго ўводзіць у зман: у цэнтры па-ранейшаму абслугоўваюць воінаў-інтэрнацыяналістаў і іх сем'і. Івалідам іншых катэгорыяў тут можна прайсьці раэбілітацыйны курс толькі за грошы (адны суткі – каля 300 тысяч рублёў без уліку кошту платных працэдур), і то – пры наяўнасьці месцаў. Толькі вось на тэмпы будаўніцтва перайменаваньне аніяк не паўплывала. Сьцены ўзьведзенага шмат год таму будынаку паціху трэскаюцца, тынкоўка набрыняла вільгацьцю, тэрыторыя навокал няўхільна ператвараецца ў сьметнік…

Выступаючы на ўрачыстасьці, прысьвечанай 25-м угодкам вываду савецкіх войскаў з Афганістану, намесьнік старшыні Віцебскага аблвыканкаму Ўладзімер Цярэнцьеў даў "афганцам" чарговае абяцаньне. Ён заявіў, што ў гэтым годзе будаўніцтва завершыцца, і рэабілітацыйны цэнтар пачне працаваць. Аднак ужо назаўтра пасьля выступу У. Цярэнцьева стала зразумелым, што нічога не зьмянілася: будаўнікоў на пляцоўцы як не было, так і няма.

orshatut.by