Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26957469

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Віцебскія актывісты КХП–БНФ падалі заяўку на правядзеньне акцыі ў гадавіну Чарнобыля

Чацьвёра сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ накіравалі ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску заяўку на пікет 26 красавіка. Месца правядзеньня пікету – Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Мяркуецца, што ў акцыі возьмуць удзел да 30 чалавек.

Праз пікет яго арганізатары хочуць нагадаць жыхарам Віцебску пра трагічныя наступствы для беларускага народу выбуху на Чарнобыльскай АЭС і ўшанаваць подзьвіг герояў-ліквідатараў. Таксама яны маюць на мэце публічна выказаць сваё адмоўнае стаўленьне да будаўніцтва ядзерных аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі, бо гэтыя аб'екты могуць стаць новымі «чарнобылямі».

У сваёй заяўцы актывісты асобна просяць улады не зважаць на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», а кіравацца непасрэдна законам Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах» і Канстытуцыяй. Бо згаданае рашэньне, фактычна, робіць немагчымым рэалізацыю жыхарамі гораду сваіх правоў на свабоду выказваньня думак і на свабоду мірных сходаў, патрабуючы ад арганізатараў масавых акцыяў заключаць дамовы са службамі ЖКГ, мэдыкамі і праваахоўнікамі.

Дамовы, якія патрабуюць улады Віцебску, не ўдалося заключыць яшчэ нікому з апазыцыянэраў за амаль 5 гадоў дзеяньня рашэньня гарвыканкаму. Таму, каб скарыстацца са сваіх канстытуцыйных правоў, актывісты час ад часу вымушаныя ісьці на сьвядомае парушэньне гэтага рашэньня, за што падвяргаюцца адміністрацыйным пакараньням. Так, 26 сакавіка сябра КХП–БНФ Ян Дзяржаўцаў быў прысуджаны да 7 сутак арышту за несанкцыянаваны пікет ў падтрымку байкоту «выбарчага фарсу». Пікет ён зладзіў напярэдадні выбараў разам са сваёй паплечніцай па партыі Аленай Каваленка. Апошнюю за пікет таксама будуць судзіць: суд мусіць адбыцца 15 красавіка...