Праваахоўныя органы выявілі ў 2014 годзе 13 злачынстваў карупцыйнай і эканамічнай накіраванасьці, у тым ліку 7 злачынстваў, зьвязаных са злоўжываньнем уладай або службовымі паўнамоцтвамі, 2 крадзяжы праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і 4 факты парушэньня правілаў аб зьдзелках з каштоўнымі мэталамі і камянямі, паведаміла старшы памочнік пракурора раёну Ірына Тарасевіч.
Найбольшая колькасьць такіх незаконных дзеяньняў зьдзейсьненая службовымі асобамі аграпрамысловага комплексу.
Так, Алена Міхайлава*, выконваючы абавязкі галоўнага заатэхніка аднаго зь сельгаспрадпрыемстваў раёну, праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі зьдзейсьніла крадзеж 23 галоў кароў агульным коштам больш за 300 мільёнаў рублёў. Дзейнічаючы ў групе па папярэдняй змове з кіраўніцай малочна-таварнай фэрмы Аксанай Пятровай*, з мэтай утойваньня крымінальнага факту і недастачы, што ўтварылася ў справаздачы ў кіраўніцы фэрмы, а таксама каб пазьбегнуць прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці галоўны заатэхнік наўмысна аддавала незаконныя ўказаньні Пятровай аб складаньні заведама фальшывых дакумэнтаў першаснага бухгальтарскага ўліку аб выбыцьці з прычыны паморку на кароў. Алена падпісала заведама падробныя дакумэнты, складзеныя Аксанай, і выдала іх у бухгальтэрыю прадпрыемства.
Паводле словаў Ірыны Тарасевіч, прысудам суду Віцебскага раёну Міхайлава прызнаная вінаватай у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных часткай 3 артыкулу 210 і часткі 1 артыкулу 427 КК Рэспублікі Беларусь, ёй прызначанае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 4 гады 6 месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці і пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў. Да яе таксама ўжытая частка 2 артыкулу 77 КК Рэспублікі Беларусь, і выкананьне пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі адтэрмінаванае на 3 гады. Супрацоўнік пракуратуры зьвярнула ўвагу на тое, што ўжыць адтэрміноўку выкананьня пакараньня стала магчымым толькі пры кампэнсацыі абвінавачанай шкоды сельгаспрадпрыемству. У адваротным выпадку Міхайлава была б накіраваная ў месцы пазбаўленьня волі. Не ўдалося пазьбегнуць адказнасьці паводле крымінальнага артыкулу і Пятровай, якой яшчэ трэба будзе пачуць вэрдыкт суду.
* - Імя і прозьвішча зьмененыя.