Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26958327

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Віцебская чыноўніца атрымала 5 гадоў хатняй “хіміі” за забойства чалавека

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебска 20 ліпеня прызнаў вінаватай чыноўніцу аблвыканкаму Вікторыю Дубко ў сьмерці чалавека на пешаходным пераходзе ў верасьні 2011 года. Абвінавачаная сваёй віны не прызнала.

Вырак суду – абмежаваньне свабоды на 5 гадоў без накіраваньня ў папраўчую ўстанову (так званая хатняя “химия”) з пазбаўленьнем права займацца дзейнасьцю, зьвязанай з кіраваньнем транспартнымі сродкамі (таксама на 5 гадоў).

Акрамя таго, вінаватая мусіць выплаціць у якасьці кампенсацыі маральнай шкоды 40 млн. рублёў жонцы загінуўшага і 20 млн. рублёў – ягонаму сыну.

Максымальнае пакараньне, якое прадугледжвае артыкул 317 ч.2 КК (Парушэньне правіл дарожнага руху, якое прывяло да сьмерці чалавека па неасьцярожнасьці), -  пазбаўленьне волі на 5 гадоў (а не абмежаваньне, як у выпадку з выракам Дубко). Справу разглядаў судзьдзя Марцірасян.

Сваякі загінуўшага, якія выступалі ў судзе ў якасьці пацярпелых, былі абураны мяккасьцю прыгавора і абскардзілі яго у Віцебскім абласным судзе.

Як мяркуе сын загінуўшага, прызначанае судом пакараньне не адпавядае цяжкасьці і наступствам зьдзейсьненага злачынства. Да таго ж, абвінавачаная так і не прызнала сваёй віны.

“Дадзены прыгавор выклікае ў нас, пацярпелых, толькі ўсьведамленьне безабароннасьці перад самавольствам службовых асобаў дзяржаўных органаў, уключна з пракуратурай і судом, і адназначна выяўляе нецывілізаванасьць дзяржавы, дзе жыцьцё грамадзяніна, загубленае вінаватым чыноўнікам, недапушчальна абясцэнена”, - гаворыцца ў касацыйнай скарзе на прыгавор суду Кастрычніцкага раёну Віцебска.

...прыгавор выклікае ў нас, пацярпелых, толькі ўсьведамленьне безабароннасьці перад самавольствам службовых асобаў дзяржаўных органаў, уключна з пракуратурай і судом

На думку касатараў, “у дзеяньнях дзяржаўных органаў, якія маюць дачыненьне да вынясеньня прыгавору суду, праглядаецца выразна выяўлены карупцыйны складнік”. Да такой высновы сын загінуўшага прыйшоў пасьля таго, як запатрабаваныя ў якасьці матэрыяльнай кампенсацыі сумы (150 і 100 млн. рублёў) былі зьніжаны судзьдзёй адпаведна да 40 (жонцы) і 20 млн. (сыну) рублёў. Пры гэтым дачка і ўнук загінуўшага наогул не атрымаюць аніякай матэрыяльнай кампенсацыі.

Раней абвінавачаная часткова кампенсавала маральную шкоду, нанесеную сваякам загінуўшага ў ДТЗ. Яна выплаціла па паўтары мільёна рублёў жонцы і сыну загінуўшага. Суд прызнаў гэты факт змякчаючай віну акалічнасьцю.

Спадарыня Дубко зьбіла пешахода ўвечары 29 верасьня 2011 года на нерэгуляваным пераходзе (цяпер на ім стаіць сьветлафор) на вуліцы Смаленскай (раён дома №11-5) у Віцебску. Паводле вынікаў сьледчага эксперыменту, аўтамабіль “Volkswagen Passat”, якім кіравала Дубко, рухаўся з боку вуліцы Праўды ў накірунку прасьпекта Фрунзэ з хуткасьцю 50,7 км/гадз. па крайняй правай паласе. Агляд зьлева захінаў “мінівэн”, які ехаў па суседняй левай паласе. Перад самай “зебрай” “мінівэн” рэзка затармазіў, прапускаючы пешахода. Дубко затармазіць не пасьпела і наехала на чалавека.

Вікторыя Дубко працавала памочніцай намесьніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Алега Мацкевіча. Зыходзячы з таго, што яе прозьвішча дагэтуль фігуруе на сайце аблвыканкама, працуе і зараз.

Прыгавор суду пакуль не ўступіў у законную сілу.