Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26972941

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Любоў Кавалёва зьвярнулася ў Генпракуратуру наконт парушэньняў заканадаўства з боку Вярхоўнага суду

Маці Ўладзіслава Кавалёва, расстралянага за тэрарызм, лічыць, што Вярхоўны Суд парушыў тэрміны адказу на наглядную скаргу, складзеную адвакатам сына. Таксама яна просіць ініцыяваць праверку па фактах фальсыфікацыяў у справе выбуху ў менскім мэтро і парушэньняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу падчас сьледзтва і суду, які прыгаварыў Уладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава да сьмяротнага пакараньня.

Любоў Кавалёва нагадала, што наглядная скарга была пададзеная 27 верасьня. Адказ прыйшоў на імя адваката 30 кастрычніка: “30-дзённы тэрмін разгляду парушаны. Але і гэта яшчэ ня ўсё: ніякага канкрэтнага адказу мы не атрымалі – нам даслалі толькі паведамленьне, што тэрмін разгляду скаргі працягнуты. Гэта цынізм найвышэйшай ступені: цяпер, калі сына расстралялі, у Вярхоўным судзе робяць выгляд, што будуць разьбірацца дасканальна, зноў пераглядаючы ўсю справу. Найхутчэй, дадуць адказ, што ўсё было зроблена слушна. Нават уявіць сабе ня магу, што будзе, калі раптам прызнаюць, што факты парушэньняў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу пацьвердзіліся… Бо хлопцаў ужо нічым ня вернеш!”

Затрымка з адказам Вярхоўнага суду стала падставай для скаргі ў Генпракуратуру, кажа Любоў Кавалёва: “Гэта скарга на імя Аляксандра Канюка, Генэральнага пракурора Рэспублікі Беларусь. Я пішу, што Вярхоўны суд парушае заканадаўства і мае правы, своечасова не даслаўшы адказ на наглядную скаргу. Але галоўнае – я зноў пішу пра парушэньні, заўважаныя падчас сьледзтва і судовага працэсу”.

“І сьледзтва, і суд пакінулі шмат пытаньняў. Гэта і відэазапіс з мэтро з элемэнтамі мантажу, і вынікі экспэртызы, калі ні на вопратцы, ні на целе ў Дзьмітрыя Канавалава і майго сына не знайшлі сьлядоў выбуховых рэчываў. Да ўсяго, Уладзіслава фактычна пазбавілі права на абарону: падчас сьледзтва адваката да Ўлада дапусьцілі толькі адзін раз, усе астатнія сустрэчы былі толькі падчас сьледчых дзеяньняў ці пару хвілінаў перад пачаткам кожнага суду. Не пускалі адваката, каб падпісаць неабходныя дакумэнты, і ўжо калі стала вядома, што ён асуджаны да расстрэлу… Я хачу дачакацца адказу. Ня веру ў вінаватасьць сына, і многія ў Беларусі ня вераць вынікам сьледзтва і нэгатыўна ставяцца да сьмяротнага прысуду хлопцам”.

Пасьля вынясеньня сьмяротнага прысуду 30 лістапада мінулага году стала вядома, што Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава расстралялі ў сярэдзіне сакавіка 2012 году. Любоў Кавалёва дагэтуль патрабуе, каб ёй вярнулі запісы сына, якія ён рабіў падчас сьледзтва і суду, але яны таемным чынам зьніклі – іх не даслалі разам з рэчамі сваякам, і ў СІЗА КДБ таксама цьвердзяць, што ў месцы апошняга зьняволеньня асуджаных яны не засталіся.

7 кастрычніка ў Амстэрдаме Любоў Кавалёва агучыла пачатак кампаніі «Вярніце цела», яе мэта – вярнуць цела расстралянага сына ці хаця б даведацца пра месца ягонага пахаваньня. Кампанія ініцыяваная ў тым ліку і за адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”