Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
27015623

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Пікет доктара Пастнoва да дня народзінаў Лукашэнкі – пад пытаньнем

Гэтае пытаньне паставіла перад арганізатарам адміністрацыя Кастрычніцкага раёну, запатрабаваўшы дамовы на абслугоўваньне акцыі са службай ЖКГ. Незразумела чаму, але дамоваў зь міліцыяй і мэдыкамі, неабходных паводле закону аб масавых мерапрыемствах і ў адпаведнасьці з адмысловым рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму, чыноўнікі не патрабуюць.

Ігар Пастноў падаваў заяўку на пікет да 60-годзьдзя Аляксандра Лукашэнкі, плануючы 30 жніўня або ў найбліжэйшы пасьля гэтай даты выходны дзень выйсьці з плякатам "Дзякуй Бацьку за наша шчасьлівае жыцьцё!" Апрача гэтага, на плякаце ён гатовы разьмясьціць фотаздымак свайго разьліковага квітка з сумай заробку, а таксама фотаздымкі палатаў у віцебскіх шпіталях.

Віцебскі лекар хоча правесьці пікет у афіцыйна вызначаным месцы – Парку культуры і адпачынку імя Савецкай Арміі. З адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, да якога тэрытарыяльна належыць парк, Ігар Пастноў атрымаў даволі нечаканы адказ. Яму параілі зьвярнуцца ў гарадзкую службу ЖКХ па дамову на прыборку месца пікету, спаслаўшыся на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму №881 "Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску".

Дзівіцца такому адказу ёсьць некалькі прычын. Першая – тая, што прадпрыемства "Віцебская гарадзкая камунальная гаспадарка" не займаецца прыборкай гораду. Гэта ўжо неаднойчы было высьветлена падчас судовых працэсаў, ініцыяваных віцебскімі актывістамі, зь якімі падобныя дамовы служба ЖКГ заключаць адмаўлялася – якраз таму, што гэта абавязкі іншай структуры. Тым ня менш у згаданым рашэньні гарвыканкаму пазначанае менавіта гэтае прадпрыемства.

Як, дарэчы, і віцебская гарадзкая паліклініка – туды чыноўнікі патрабуюць зьвяртацца па дамовы на мэдычнае абслугоўваньне акцыяў. Але – і гэта другая падстава зьдзівіцца – згэтай установы Ігару Пастнову напісалі, што паліклініка "не займаецца арганізацыяй масавых мерапрыемстваў", і што зьвяртацца арганізатарам трэба ў мясцовую раённую адміністрацыю…

Раней арганізатары акцыяў атрымлівалі з гэтай мэдычнай установы ня менш дзіўныя адказы: прыкладам, што дзяжурства на нейкай акцыі нельга наладзіць таму, што чакаецца ўспышка захворваньняў, і таму няма вольных мэдработнікаў. Але каб паліклініка адмовілася абслугоўваць акцыю, бо яна яе не арганізуе – такога яшчэ не было.

У адказе Ігару Пастнову з Кастрычніцкай раённай адміністрацыі пра неабходнасьць заключыць дамовы з мэдыкамі і супрацоўнікамі міліцыі не згадваецца наогул. Чаму чыноўнікі пра гэта "забыліся" і "накіравалі" арганізатара толькі ў службу ЖКГ – таксама загадка. Але цягам мінулых 5 гадоў ані гэтая раённая адміністрацыя, ані дзьве іншыя не далі віцебскім актывістам ніводнага дазволу на масавыя акцыі. Апелявалі да таго самага рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881 "Аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску", якое немагчыма выканаць. Хаця б таму, што ані паліклініка, ані міліцыя не займаюцца паслугамі на замову прыватных грамадзян, і заключыць дамовы гэтыя ўстановы не пагаджаюцца. У тым ліку і з іншых, надуманых прычын.

Ігар Пастноў кажа, што нават калі не атрымае дазволу на пікет да ўгодкаў Аляксандра Лукашэнкі, то ўсё адно правядзе акцыю – у нейкім малалюдным месцы, а потым абавязкова выкладзе ў інтэрнэт фотаздымкі.

spring96.org