У Віцебскай вобласьці ў чэрвені карыснымі відамі дзейнасьці былі занятыя каля 97% дзяцей, якія стаяць на ўліку ў інспэкцыях па справах непаўналетніх (ІСН). Пра гэта паведаміла журналістам намесьніца старшыні камісіі па справах непаўналетніх Віцебскага аблвыканкаму Тамара Аляхновіч, перадае БЕЛТА.
"Лета 2016 году добра сплянаванае і праходзіць арганізавана. Каля 47 тысяч дзяцей будуць знаходзіцца на аздараўленьні ў лягерах, 2,7 тысячы школьнікаў правядуць час у лягерах працы і адпачынку, каля 2 тысяч – у профільных лягерах, уключаючы намётавыя. Гэтыя лічбы прыкладна на ўзроўні мінулага году", – адзначыла Тамара Аляхновіч.
Вялікая ўвага надаецца занятасьці дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў інспэкцыі па справах непаўналетніх. "У рэгіёне такіх каля 1,5 тысячы чалавек. Іх адпачынак сплянаваны – гэта і аздараўленьне ў лягерах, і арганізаваная працоўная занятасьць, і індывідуальнае працаўладкаваньне. Так, у чэрвені 97% тых, хто стаіць на ўліку, былі занятыя карыснымі відамі дзейнасьці. У ліпені і жніўні гэтая лічба крыху зьнізіцца, бо паменшыцца колькасьць лягераў. Мы арыентуем усіх на тое, што трэба ўзмацніць работу па працаўладкаваньні старэйшых школьнікаў і навучэнцаў сыстэмы прафтэхадукацыі", – сказала Тамара Аляхновіч. Пры спрыяньні службаў занятасьці гэтым летам будуць працаўладкаваныя каля 4 тысяч дзяцей.
Для арганізацыі паўнавартаснага адпачынку дзяцей сем'ям аказваецца матэрыяльная падтрымка. "З улікам патрэбнасьці ў аздараўленьні і занятасьці прадугледжаная датацыя з боку дзяржорганаў, бюджэту. У рэгіёнах, дзе ёсьць сем'і, якія асабліва маюць патрэбу ў падтрымцы, бацькоўскую даплату за пуцёўкі дапамагаюць кампэнсаваць выканкамы. Прыкладам, у Бешанковіцкім і Дубровенскім раёнах сем'і могуць адправіць дзяцей у лягер пры мінімальнай даплаце", – адзначыла намесьніца старшыні камісіі.