Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26965958

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Стваральніка інтэрнэт-суполкі “Надоел нам этот Лукашенко” дапыталі ў КДБ

Раніцай 30 жніўня ў г. Віцебску быў затрыманы Алег Шрамук, стваральнік суполкі «Надоел нам этот Лукашенко» ў сацыяльнай сетцы Вконтакте. Сябры і сваякі Алега зьвязваюць затрыманьне зь яго актыўнай грамадзянскай пазыцыяй і стварэньнем ім інтэрнэт-суполкі, якая налічвала каля 40 тысяч падпісчыкаў. Напярэдадні «Надоел нам этот Лукашенко» была ўзламаная, рахунак Алега быў актыўны, і ішло актыўнае выдаленьне інфармацыі з суполак і са старонкі Алега.

 

Каля 11 раніцы ў кватэры, у якой пражываюць Алег з жонкай, пачуўся званок. Тое, што адбывалася далей, апісвае жонка Алега Алеся:

«У раёне 11 гадзін раніцы званок у дзьверы, гляджу ў вочка, стаіць жанчына. Адчыняю дзьверы, не пасьпяваю сьцяміць - дзьверы наросхрыст, урываецца АМАП і чалавек у цывільным. З крыкам: “Дзе гаспадар?”, пачынаюць гойсаць па пакоях і шукаць Алега. На мой адказ, што гаспадара няма, ніхто не рэагаваў. Імя і прозьвішча таго, каго яны хацелі бачыць, ніхто не назваў. І толькі потым я зразумела, што яны хацелі бачыць майго мужа (у кватэры пражываем ня мы адны, і ёсьць яшчэ бацькі - добра што іх не было дома!). Людзі ў форме і без спрабавалі забраць адзін з ноўтбукаў. Абыйшлі ўсе пакоі і ўбачылі, што Алег дома (ён спаў), ды пачалося: “Вазьміце асабістыя рэчы, і пройдзем”. На пытаньне, зь якой нагоды, быў адказ: “Павязу ў Кастрычніцкі РАУС”, і павезьлі.

Я, ня ведаючы, што мне рабіць, вырашыла выйсьці на двор падыхаць сьвежым паветрам. Адыйшла на 10 мэтраў ад дому, пад’яжджае легкавы аўтамабіль, выходзяць двое велізарных мужчын, клічуць мяне. Я, не азіраючыся, іду далей, мяне даганяюць, хапаюць за руку і загадным тонам камандуюць: “Прайдзёмце”. Я адмовілася, але гэта не дапамагло, мяне запхнулі ў машыну і адвезьлі ў Чыгуначны РАУС без усялякіх тлумачэньняў, дзе я прабыла чатыры гадзіны на допыце.

Седзячы ў машыне, я, як кожны нармальны чалавек, цікавілася, за што мяне навогул забралі невядома куды - адказу так і не атрымала. Прывезьлі ў Чыгуначны РАУС, як небясьпечную злачынцу, пад канвоем. У РАУС папрасілі аддаць усе рэчы, якія былі з сабой, і завялі ў габінэт да сьледчага (гэта я толькі потым зразумела). На маё пытаньне, за што мяне сярод белага дня пасадзілі ў машыну і павезьлі, сьледчы адказаў, што на мяне суседзі напісалі скаргі наконт таго, што я прадаю сьпіртныя напоі дома, пры гэтым ён паказаў мне гэтую заяву!

Было страшна, што пад’едзе яшчэ якая-небудзь машына, і зноў нешта адбудзецца.

Далей ён цікавіўся тым, як жыве мой муж, дзе працуе, чым займаецца, у колькі з дому сыходзіць, у колькі прыходзіць - увогуле, усім пра ягонае жыцьцё. Пра заяву на мяне так ніхто больш і не прыгадаў. Усе пытаньні былі толькі пра майго мужа. Не пачуўшы таго, што яму, відавочна, было трэба (на цяперашні момант усе выдатна разумеюць, пра што вядзецца гаворка), ён выйшаў і паклікаў, відаць, свайго начальніка, які, прачытаўшы мае паказаньні, папрасіў прабачэньня і сказаў адпусьціць мяне. Сьледчы вырашыў мяне праводзіць, каб пазьбегнуць якіх-небудзь непрыемнасьцяў для мяне ж самой. Было страшна, што пад’едзе яшчэ якая-небудзь машына, і зноў нешта адбудзецца. Я адразу патэлефанавала мужу - тэлефон недасяжны. Я зьвязалася зь сябрамі - ніхто ня ведае, дзе ён, і ўсе турбуюцца».

Празь некалькі гадзін, не атрымліваючы ніякіх вестак ад Алега, занепакоены сябар Алега Дзьмітры накіраваўся ў Кастрычніцкі РАУС, каб даведацца дзе знаходзіцца Алег, і на якой падставе ён затрыманы. Супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС доўга распавядалі Дзьмітрыю пра тое, што яны ўпершыню чуюць прозьвішча Шрамук, і чалавек з такім прозьвішчам да іх ніколі не дастаўляўся. Аднак, калі Дзьмітры вырашыў пакінуць у РАУС заяву аб згубе чалавека, супрацоўнікі адразу ж прыгадалі пра Алега Шрамука, якога дастаўлялі да іх у гэты дзень раніцай.

Паводле словаў супрацоўнікаў РАУС, Алег Шрамук быў затрыманы за датычнасьць да нейкіх раскопак, у выніку якіх Алег нібыта знайшоў нейкія патроны. Доказам датычнасьці Алега да раскопак паслужыла фатаграфія патронаў, якую Алег нібыта разьмяшчаў на сваёй старонцы Вконтакте. Дзьмітрыя апыталі наконт веданьня пра ўдзел Алега ў раскопках і дактыляскапавалі. Яму таксама паведамілі, што Алег Шрамук прабыў у РУУС каля дзьвюх гадзін, апытаны і ўжо даўно адпушчаны. Аднак, да 15:00 Алег ні з кім са сваякоў і сяброў на сувязь так і ня выйшаў.

Насьцярожвала тое, што літаральна за сьцяной Кастрычніцкага РАУС г. Віцебску знаходзіцца Ўпраўленьне КДБ па Віцебскай вобласьці. Улічваючы тое, што ў Менску ў гэты дзень праходзілі затрыманьні адміністратараў іншых суполак у сацыяльных сетках, былі ўсе падставы меркаваць, што да зьнікненьня Алега датычныя супрацоўнікі КДБ. Аднак ніякай інфармацыі пра Алега ў гэтым ведамстве не давалі. Каля 24:00 гадзін Алег быў адпушчаны з УКДБ па Віцебскай вобласьці, дзе ён, як і меркавалі яго блізкія, знаходзіўся ўвесь гэты час.

Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова “Пляцформа”