Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26991947

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Аляксандар Мілінкевіч: У краіне большасьці напляваць на выбары...

11 верасьня на сустрэчы з выбарцамі віцебскага кандыдата Аляксея Гаўруцікава прысутнічаў у якасьці яго даверанай асобы лідар руху «За свабоду!» Аляксандар Мілінкевіч. Пасьля сустрэчы палітык ласкава пагадзіўся адказаць на пытаньні «Дыялёгу».

–  Сёньня на сустрэчы было зусім няшмат народу, але, падобна, вас гэта не зьдзівіла. Падзяліцеся, калі ласка, ўражаньнямі ад сустрэчы.

–  З аднаго боку, ўражаньні цяжкія, таму што ў краіне большасьці напляваць на выбары. Поўнае абыякавасьць, апатыя, дэпрэсія. І гэта выяўляецца ў колькасьці людзей, якія прыходзяць на сустрэчы з кандыдатамі. І гэтак ня толькі ў Віцебску – па ўсёй краіне.

Зь іншага боку, нават у гэтай малой колькасьці людзей – усё адно пайшла дыскусія. Усё роўна было цікава. Гэта паказчык таго, што ў той жа ўлады ёсьць вялікі патэнцыял для таго, каб пачаць у краіне дыскусію. Гэта зьняло б шмат у чым адказнасьць і з улады за тое, якія ёсьць у нас зараз праблемы. Чалавек павінен адчуваць, што ён таксама адказны, што і ён удзельнічае ў гэтым.

Таму я думаю, што ўлада вельмі моцна адстае ад разьвіцьця грамадзтва. Я гаварыў сёньня, што грамадзтва разьвіваецца, і нават простыя людзі кажуць, што ў парлямэнце мае быць дыскусія. Бабулі мне казалі! І калі ўлада не разумее гэтага, то ёй трэба задумацца аб тым, што яна згубіла яшчэ адну магчымасьць і што чакаць цяпер давядзецца яшчэ 4 гады... Вось у гэтым я бачу загану.

 ...улада вельмі моцна адстае ад развіцьця грамадзтва

Не, я ня схільны лічыць, што калі чалавек ва ўладзе, значыць, ён мярзотнік, значыць, ён няварты і абсалютны злодзей. Не, ва ўладзе ёсць шмат прыстойных людзей. Я сам там быў, 6 гадоў працаваў, ведаю. Ёсьць і злачынцы, але ёсьць і выдатныя спэцыялісты. Але ўлада толькі тады разьвіваецца і эфектыўная, калі яна падкантрольная людзям. Выбары –  гэта спосаб кантролю. Галоўны! І мэры павінны выбірацца, і губэрнатары павінны. І спрэчка павінна быць. Ня трэба яе баяцца. Ну, галоўнае, каб крэсламі адзін аднаго ня білі, як ва Ўкраіне.

Але ўлада баіцца. Яна стала губляць рэйтынг. І яна баіцца пачаць пераўтварэньні, а яны –  насьпелі.

 

–  Але такое ўражаньне, што ўлада цяпер больш баіцца байкоту, чым яркіх выбарчых кампаніяў кандыдатаў?

–  З аднаго боку, уладам ня хочацца байкоту, таму што ім вельмі важна паказаць АБСЭ, што ёсць нейкі прагрэс. Яны разумеюць, што выбары не прызнаюць да канца, але хацела б, каб сказалі: ёсць прагрэс. Вось.

Але зь іншага боку, так кантралююцца выбары і настолькі непразрысты падлік галасоў, што для іх ня будзе праблемы, нават калі людзі ня прыйдуць ўкінуць гэтыя бюлетэні. Мы ўсё гэта добра разумеем.

Улада хацела б, канешне, каб людзі прыйшлі. Таму што – яшчэ адзін момант –  прыход або непрыход лёгка кантралюецца, калі ёсьць хоць тры назіральніка. А вось як лічацца галасы – мы практычна не можам пракантраляваць ужо 16 гадоў. І яны баяцца: а раптам сядуць гэтыя назіральнікі? Таму – і на іх адбываюцца наезды.

Але разумееце – гэта спосаб закансэрваваць сытуацыю і сваю пазыцыю. Трэба ледзь-ледзь прыўзьняцца, таму што нават будучыня ўлады залежыць ад таго, ці своечасова яна пачне рэформы. Калі не пачне –  будзе выбух. Але –  ці патрэбны краіне выбух? Вось я ведаю дакладна, што ўся краіна тады прайграе. І што? Пад руінамі краіны зьнішчым ўладу... І з чаго стартаваць?

Пра мяне кажуць, што я прыхільнік лабіраваньня улады. Абсалютна не. Я проста рэаліст і прагматык. І я чалавек канструктыўны, але абсалютна нелаяльны.

 

–  Народ кажа: нас заблыталі. Адны – агітуюць за байкот. Іншыя кажуць: мы ўдзельнічаем, але да пэўнага моманту. Трэція: ўдзельнічаем і ідзем да канца, але вы самі ведаеце, што выбараў у краіне няма... Што ж рабіць 23 верасьня звычайнаму выбарцу?

–  Я разумею, што апазыцыя разышлася ў тактыцы. Але ў ацэнцы выбараў мы адзіныя. Усе лічаць: рэальных выбараў, сумленных і справядлівых, у краіне няма.

Мне здаецца, што апазыцыя падзялілася на тых людзей, якія зацыкленыя на Аляксандры Лукашэнку. І вось тады байкот – гэта добра. Таму што гэта маральная ацэнка яго палітыкі. Ён, маўляў, дрэнныя выбары праводзіць – значыць, мы ня ўдзельнічаем.

І для мяне байкот – гэта маральная пазыцыя, але гэта не палітыка, таму што яна ня тое што нават не ўплывае на людзей – яна дрэнна ўплывае на людзей.

Я сустракаўся зь вялікай колькасьцю людзей падчас збору подпісаў. Людзі кажуць: усё роўна мы пойдзем на выбары. Ня толькі таму, што загоняць альбо праз страх, а таму, што хочам паўплываць. Так, не заўсёды сумленна лічаць, але людзям гэта страшна важна сёньня – удзел. І трэба пра іх думаць, а не пра Лукашэнку.

Людзям важна, каб была пазытыўная альтэрнатыва. Так, вельмі шмат дрэнных выступаў. Мы ж бачым, што некаторых нават да мікрафону лепш не падпускаць. Але як іх асуджаць? У іх няма практыкі. Усё ж такі палітыка –  гэта доўгая-доўгая школа. А ў нас няма рэальнай канкурэнцыі ідэй, формаў, праграм. У нас адзін палітык у краіне, ён усё вырашае. І гэта, хутчэй, людзі, якія сэрцам разумеюць: вось несправядлівасьць. І некалі навучацца.

Але ў цэлым важна, каб людзі паверылі, што мы можам, што не Масква для нас павінна з Брусэлем нешта рабіць, а мы самі можам усё ўладкаваць.

 

–  І ўсё ж такі што, на ваш погляд, рабіць людзям, калі пачнецца галасаваньне?

–  Я лічу, што людзі павінны паступаць сумленна. Па-першае, – ня йсьці на папярэдняе галасаваньне. Бо там крадуць нашыя галасы.

Хочаце байкатаваць – байкатуйце, але мне бліжэй іншы падыход: прыйсьці і прагаласаваць. Так, голас могуць выкрасьці. Але камісія ўбачыць, што меркаваньне людзей было вось такое. А праз камісію таксама можна ўплываць на ўладу.

Пасыўнасьць, сыход, падпольле –  гэта спосаб ўмацаваньня вось гэтай апатыі, пра якую мы гаварылі напачатку. Я лічу, што актыўны ўплыў кандыдатаў і паход на выбары хутчэй наблізяць так неабходныя нам пераўтварэньні.