Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
26995057

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Ускладаньне кветак да помніку Караткевічу ў Віцебску ледзь ня скончылася міліцэйскімі затрыманьнямі

Прадстаўнікі партыяў і грамадзкіх арганізацыяў Віцебску вырашылі адзначыць ўгодкі Ўладзімера Караткевіча – сабраліся 26 лістапада каля помніку славутаму пісьменьніку. Чытаньне вершаў і выступы аматараў творчасьці пісьменьніка міліцыя расцаніла як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Прысутным давялося разыходзіцца перад пагрозай быць затрыманымі.

“Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзеньні стварылі нам масавасьць – нас было паўтара дзясятка і міліцыянтаў я налічыў 14 чалавек. Непадалёк ад помніку дзяжурыла міліцэйская машына, а ўсіх нас здымаў на відэакамэру ‘штатны’ апэратар”, - распавёў старшыня гарадзкой суполкі партыі БНФ Аляксандар Кузьняцоў.

Спачатку міліцыянты толькі назіралі за падзеямі. Тым часам каля помніку прагучалі вершы Ўладзімера Караткевіча, прысутныя пачалі абмяркоўваць розныя надзённыя палітычныя тэмы.

Тады і зьявіўся супрацоўнік міліцыі ў форме, але бяз бэйджу з прозьвішчам. Ён заявіў, што тут сабраліся ўдзельнікі несанкцыянаванага мерапрыемства, ды яшчэ з выкарыстаньнем атрыбутыкі – меліся на ўвазе бел-чырвона-белыя стужкі, прышпіленыя на грудзёх у прысутных.

На просьбу абласнога каардынатара руху “За свабоду” Хрыстафора Жаляпава назваць сябе міліцыянт прадставіўся маёрам Багданавым. Ён заявіў, што цяпер насіць бэйджы з пазначэньнем прозьвішча і пасады супрацоўнікі міліцыі не абавязаныя. І прыгразіўся затрыманьнем, калі прысутныя тут жа не разыйдуцца. Спадар Жаляпаў не пагадзіўся, сказаўшы, што міліцыя парушае ягоныя канстытуцыйныя правы. А спадарыні зь ліку прысутных пачалі прапаноўваць бел-чырвона-белыя стужкі і тым, хто назіраў за імі “па службе”.

Усё насамрэч магло б скончыцца затрыманьнямі, але ўрачыстая частка ўшанаваньня памяці Ўладзімера Караткевіча на той момант ужо была скончаная. Аднак прыватныя размовы каля помніку давялося прыпыніць: супрацоўнікі ў цывільным атачылі прысутных у кола, пачуўшы словы маёра Багданава пра несанкцыянаванае мерапрыемства. Было вырашана не азмрочваць сьвяткаваньне ўгодкаў пісьменьніка разьбіральніцтвам у пастарунку або нават у судзе. Таму на працягу 10-15 хвілін прысутныя разыйшліся.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”