Надвор'е

Віцебск
Берасьце
Гародня
Гомель
Магілёў
Менск

Статыстыка

Колькасць праглядаў матэрыялаў
27166007

Рэкамэндаваць Надрукаваць

Леанід Сьвецік: На Віцебшчыне правы чалавека парушаюцца практычна штодня

Штогод 10 сьнежня адзначаецца ва ўсім сьвеце як Дзень правоў чалавека. Напярэдадні гэтай даты карэспандэнт «Дыялёгу» пагутарыў зь вядомым віцебскім праваабаронцам Леанідам Сьвецікам.

Леанід Валянцінавіч, дык што ж гэта за сьвята такое – Дзень правоў чалавека? Чаму менавіта 10 сьнежня?

У гэты дзень у 1948 годзе Генэральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў была прынятая Ўсеагульная дэклярацыя правоў чалавека. З гэтага моманту пачаўся адлік часу, калі паняцьце «правы чалавека» стала заваёўваць палітычную і інфармацыйную прастору плянэты, розумы і сэрцы палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і звычайных людзей.

За больш як шэсьць дзясяткаў гадоў людзкой гісторыі гэтая ідэя ператварылася ў агульнаплянэтную ідэалёгію. Дзясяткі тысяч жыхароў розных краін і дзяржаў уцягнуліся ў штодзённую цяжкую барацьбу за зацьверджаньне і адстойваньне эканамічных, грамадзянскіх, палітычных і культурных правоў чалавека. Ахвяруючы сваёй кар'ерай, дабрабытам, а часам свабодай і жыцьцём, гэтыя людзі імкнуцца негвалтоўнымі мэтадамі даказаць урадам, што чалавек мае права на жыцьцё, свабоду і бесьперашкоднае разьвіцьцё і самавыяўленьне ў любых сфэрах чалавечага быцьця.

Не абмінуў праваабарончы рух і нашу краіну. У Беларусі, як і ва ўсіх постсацыялістычных краінах, на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя ўтварыліся праваабарончыя групы, якія добраахвотна ўзялі на сябе грамадзкія абавязкі абараняць правы чалавека. Вядома, ёсьць праваабаронцы і ў горадзе Віцебску.

Вы згадалі Віцебск. Але ж найчасьцей, калі гаворка вядзецца пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, прыгадваецца сталіца. Напрыклад, падзеі, зьвязаныя з Плошчай 2010 году ў Менску. Або судовы працэс над так званымі віцебскімі тэрарыстамі, які адбываўся таксама ў Менску. Дык наколькі актуальная тэма парушэньняў правоў чалавека менавіта для Віцебску?

На Віцебшчыне факты парушэньняў правоў чалавека праваабарончыя арганізацыі і праваабаронцы фіксуюць практычна штодня. Гэта культурныя, грамадзянскія, палітычныя і эканамічныя правы грамадзян – жыхароў як самога абласнога цэнтру, гэтак і Віцебскага рэгіёну.

Асноўным і адзіным парушальнікам гэтых правоў зьяўляецца дзяржава ў асобе прадстаўнікоў пасялковых, раённых, гарадзкіх і абласных адміністрацыяў, а таксама супрацоўнікі міліцыі, спэцслужбаў, судзьдзі агульных і спэцыяльных судоў.

Ці можаце прывесьці канкрэтныя факты?

Гэта зрабіць ня цяжка. Толькі ў бягучым годзе кіраўнікі або намесьнікі кіраўнікоў адміністрацыяў Першамайскага, Кастрычніцкага і Чыгуначнага раёнаў Віцебску забаранілі зладзіць больш за 40 масавых мерапрыемстваў – пікетаў, мітынгаў і шэсьцяў.

Сёлета практычна штомесяц праходзілі палітычна матываваныя судовыя працэсы над грамадзянскімі і палітычнымі актывістамі. Самы гучны з гэтых працэсаў – суд над Сяргеем Каваленкам, які пасьля абвяшчэньня выраку адбыў некалькі месяцаў у калёніі.

Але ж гэта – далёка не адзіны судовы працэс. Адміністрацыйным пакараньням былі падвергнутыя Барыс Хамайда, Яўген Гуцалаў, Алена Семенчукова, Пётар Іваноў, Сяргей Парсюкевіч, Кастусь Мардзьвінцаў, Сяргей Кандакоў, Тамара Кандакова, Віктар Рамнёў, Алег Баршчэўскі, Валер Шчукін, Ганна Гадлеўская і іншыя.

Дык калі, як Вы сьцьвярджаеце, рашэньні судоў часта бываюць палітычна матываванымі, якім чынам тады віцебчукі ўсё-такі могуць абараніць свае правы?

Як паказвае праваабарончая практыка, унутры краіны дамагчыся абароны сваіх правоў беларускім грамадзянам надзвычай цяжка. Чыста тэарэтычна такая магчымасьць нібыта існуе, але на практыцы і ворганы дзяржаўнай улады, і суды падыходзяць да разбору гэткага кшталту спраў фармальна. Асабліва, калі грамадзянскія ці палітычныя правы парушыла дзяржава.

Таму па абарону сваіх правоў грамадзяне, што жывуць у Віцебску, часьцяком зьвяртаюцца ў Камітэт па правох чалавека ААН. Толькі цягам 2012 году ў гэтую міжнародную праваабарончую арганізацыю жыхарамі гораду было накіравана 14 індывідуальных скаргаў, дзьве зь якіх камітэт ужо прыняў да разгляду па сутнасьці.

Улічваючы, што ў ААН ўваходзіць 193 краіны, і грамадзяне гэтых краін маюць права падаваць гэткія пэтыцыі, дык для Віцебску гэта даволі шмат.

Вы ўсё гаворыце пра правы чалавека. Але ж у цяперашніх умовах большасьць жыхароў Беларусі найперш цікавяць ня нейкія, абстрактныя для іх, грамадзянскія і палітычныя правы, а іхны ўласны дабрабыт. Ці не зьяўляюцца больш важнымі для краіны эканамічныя пытаньні? Справа ў прыярытэтах. Мабыць, кіраўнікам дзяржавы трэба сьпярша забясьпечыць годны матэрыяльны ўзровень жыцьця грамадзян, а ўжо потым можна будзе заняцца і правамі чалавека?

Гэта няправільны падыход. У гэтым сьвеце ўсё ўзаемазьвязана. Калі ў краіне масава парушаюцца асноўныя правы чалавека, гэтую краіну будуць абмінаць транснацыянальныя кампаніі, буйныя інвэстары, у яе не прыедуць турысты. А гэта ўжо эканоміка ў чыстым выглядзе.

Такім чынам, правы чалавека маюць ня толькі палітычны, але і эканамічны складнік. Дадамо да гэтага іміджавыя страты краіны – дык, атрымліваецца, парушэньне правоў чалавека дорага абыходзіцца краіне.

А наяўнасьць палітычных зьняволеных наўпрост спрычынілася да эканамічных санкцыяў ў дачыненьні да найвышэйшага кіраўніцтва Беларусі і некалькіх дзясяткаў беларускіх фірмаў.

Ці спрабавалі Вы неяк «даторкацца» да ўладаў, каб растлумачыць ім сытуацыю з правамі чалавека?

Напрыканцы 2011 году я зьвярнуўся ў Віцебскі абласны выканаўчы камітэт з прапановай арганізаваць сустрэчу прадстаўнікоў ворганаў улады зь мясцовымі актывістамі праваабарончага руху. У сваім лісьце я прапанаваў сустрэцца і абмеркаваць найбольш праблемныя выпадкі парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне, а таксама наладзіць наўпроставы кантакт паміж праваабаронцамі і ўладай. Аднак улады маю прапанову адкінулі, і сустрэча не адбылася.

І што рабіць далей?

Мяркую, праваабаронцам і ўладам нічога не застаецца, як наладзіць канструктыўны дыялёг. Гэта адзіны шлях, прайшоўшы які, можна будзе вярнуць давер да дзяржавы з боку грамадзян, зьмякчыць сацыяльна-эканамічнае і палітычнае напружаньне ў грамадзтве.